June 29th, 2009

ps10

Гісторык пералічэнняў

Хачу тут колькі словаў сказаць пра Ар'ена Дэйнкера, нідэрландскага паэта, якога я надрукаваў у першым нумары. Дарэчы, ён не толькі паэт - аднойчы ён напісаў раман "Балота", магчыма нават, раман гэты мае нешта агульнае з "Дрыгвой"... але пакуль гаварыць пра гэта складана :) Спадар Дэйнкер - чалавек незвычайнае харызмы і абаяльнасці; нягледзячы на тое, што ён не карыстаецца смайлікамі, у яго лістах заўсёды адчуваецца ўсмешка. Перакладаючы яго верш "Панарама", я доўга думаў над тым, пра каго ідзе гаворка - пра мужчыну ці жанчыну (як і ў ангельскай мове, у нідэрландскай нельга па дзеяслове мінулага часу вызначыць род). Урэшце вырашыў, што жанчына (яна ж заглядаецца на сцёгны чэлаў :)), але ўсё адно вырашыў спытаць паэта. "Жанчына? - перапытаў ён. - Ну добра, калі я ўжо мушу выбіраць, то хай будзе жанчына".
Нягледзячы на свой сучасны і дзіўны стыль, на спалучэнні неспалучальных рэчаў, Дэйнкер наскрозь нідэрландскі: у ім надзіва адчуваецца тая побытавасць, рэчыўнасць, прывязаннасць да зямнога, што вызначала нідэрландскую літаратуру яшчэ ў 17 ст. Ён пералічвае рэчы, якія навокал, надаючы ім абсалютна новы сэнс... ці ўвогуле гэты сэнс у іх адбіраючы :)... а часам проста ператвараючы гэтыя рэчы ў словы, моўныя адзінкі - у тэкст, якім, паводле постмадэрнісцкае філасофіі, ёсць увесь свет.

Пачытаць тэкст, які ёсць светам...