August 12th, 2009

ps10

Выйшаў “чэшскі” нумар “ARCHE”

 Днямі пабачыў свет шосты нумар часопіса “ARCHE” за 2009 год: “Чэхія: Балючае перараджэнне таталітарнага грамадства”. Па словах рэдактара часопіса Валеркі Булгакава, “яго фокусам з'яўляецца трансфармацыя Чэхіі ў розных абсягах – у культурным, гуманітарным, палітычным апошніх 15–20 гадоў. Верхняя мяжа разгляданага перыяду – гэта хіба што нашая сучаснасць, ніжняя – гэта так званая аксамітная рэвалюцыя, якая адбылася ў Празе ў 1989 годзе”. Але акрамя гістарычных і аналітычных артыкулаў, прысвечаных мінуламу і цяперашняму чэшскага грамадства, вялікая ўвага ў нумары надаецца літаратуры сучаснай Чэхіі. 
 
Укладальнікам “ARCHE” гэтым разам выступіў перакладчык і куратар кніжнай серыі “Чэшская калекцыя” Сяргей Сматрычэнка. У сваёй прадмове ён зазначае: “Хачу спадзявацца, што гэты нумар запомніцца, як запомніўся і той стары "Чэшскі альбом" 2003 году <…>. Як мне здаецца, нумар, у якім надрукаваныя гэтыя радкі, дастаткова моцны, дастаткова роўны і дастаткова правакатыўны, якім і быў "ARCHE" ад самага свайго пачатку, і што – маю на ўвазе найперш правакатыўнасць – так уласціва чэхам, якія не паспелі ачоліць Еўразвяз, як тут жа наскандалілі, прывёзшы ў Брусэль сваю "Энтропу". Вось і мне цікава, што скажаш ты, беларускі чытачу, на макаранічныя эксперыменты ад Бары Грэгаравай, едкую сатыру ад Яна Пэлца або маналог прастытуткі ад Петры Гулавай”.

Чытаць далей.