August 28th, 2009

ps10

Як зрабіць кнігу бэстсэлерам?

Прыгожай вокладкі, каляровых ілюстрацый і добрай паперы ўжо даўно не дастаткова, каб кніга мела поспех у чытача.
Замежныя выдавецтвы шукаюць новыя спосабы прыцягнення ўвагі да кніжнай прадукцыі.
Вось, напрыклад, жж-юзэр andrreas распавёў пра тое, як нямецкае выдавецтва SuKuLTuR скупае старыя аўтаматы для продажу слодычу і перараблівае іх у кнігамёты:) Такі кнігагандаль апраўдвае сябе ў зонах масавага чакання і адпачынку, а таксама прыдатны для лёгкага, няўдумлівага чытва. Адпачываеш сабе, занудзіўся - і лёгка можаш набыць кніжачку - як шклянку газіроўкі.

Амерыканцы пайшлі іншым шляхам. Як паведамляе "The New York Times", яны пачалі выдаваць гібрыды папулярных жанраў з класікай ангельскай літаратуры.
У хуткім часе на паліцах кнігарняў з'явіцца гібрыд баевіка і класікі пад назвай "Sense & Sensibility & Sea Monsters" ("Пачуццё і пачуццёвасць і марскія пачвары"). У красавіку выдавецтва Quirk Books ужо выпусціла ў свет паспяховы праект змяшэння іншага рамана Джэйн Осцін з гісторыяй паляўнічых на зомбі "Pride & Prejudice & Zombies" ("Гонар і перадузятасць і зомбі"). Выдавецтвы робяць нават трэйлеры да новых кніг, якія можна знайсці на youtube тут і тут!

Падобны ход, паводле газеты "Guardian", быў зроблены ў выданні кнігі Эмілі Бронтэ "Бурныя вяршыні" ("Wuthering Heights"). Вокладка кнігі была аформлена ў стылі папулярнага цяпер сярод падлеткаў раману пра каханне дзяўчыны і вампіра "Змрок" ("Twilight") пісьменніцы Стэфані Маер. А на вокладцы надпіс "Улюбёная кніга Белы і Эдварда", галоўных герояў "Змроку".

І сапраўды ў тэксце "Змроку" героі часта цытуюць гэтую кнігу. Вось так, дзякуючы рэкамендацыі вампіраў, адбылася рэанімацыя цікавасці да класікі і нават вывела яе ў бэстсэлеры.
Гэта вам не "Кот да Вінчы" і "Таня Гротэр", хаця і такія спосабы раскруткі сваёй прадукцыі часам выкарыстоўваюцца аўтарамі і выдавецтвамі.

А ці ведаеце вы падобныя прыклады з працы беларускіх аўтараў і выдавецтваў? Якія маркетынгавыя хады можна было б ужыць для папулярызацыі беларускай класікі? Якія будуць ідэі для распаўсюду сучаснай літаратуры? Для перакладной літаратуры?