September 24th, 2009

кухар

Другі нумар "Кухня мадэрнізму" ўжо гатовы!

Вітаем Вас,
паважаны наведнік кавярні
“ПрайдзіСвет”!
Спадзяемся, сённяшняе меню не пакіне Вас абыякавым – мы збіралі выкшталцоныя прысмакі з самых розных краінаў свету.  

Дазвольце хуценька пазнаёміць Вас са звычкамі нашай кавярні. Тыя стравы, якія Вам ужо, магчыма, вядомыя (а мы пазычылі іх з добра вядомай крыніцы, якая не выходзіць за межы нашага далягляду), Вам пададуць барадатыя прайдзісветы – сачыце ўважліва за пазнакамі ў меню. Ейтса і Апалінэра мы падаем ледзь не ў выглядзе вінегрэту: стравы гэтыя ўяўляюць сабой мяшанку новых і старых падыходаў да гатавання, што дае магчымасць атрымаць асалоду і ад таго, і ад другога. 
 
Магчыма, Вас здзівіць незвычайны, нават досыць стракаты падбор страваў у нашым меню. Гэта невыпадкова. Кухня мадэрнізму давала нам такі багаты выбар розных страваў, што мы паспрабавалі ўзяць усяго патроху і прапанаваць Вам, паважаны наведнік, самому вызначыцца, які са стыляў і кірункаў больш Вам да смаку. 

Выбіраючы нейкую страву, не забывайцеся на гарніры. Не варта падманвацца састарэлымі меркаваннямі пра тое, што яны сухія і недастаткова прывабныя. Прыгатаваныя добрымі майстрамі, нашыя гарніры дапамогуць Вам напоўніцу адчуць смак найлепшых страваў свету.
 

Прапанаваўшы Вам цэлы шэраг прысмакаў, мы не хаваем сакрэтаў іх прыгатавання. Вось чаму Вы можаце знайсці ў нашым меню нават рэцэпты. І, безумоўна, цвік праграмы – страва ад шэф-повара, з густам прыгатаваная і вельмі карысная.

Што ж, запрашаем вас за стол!
 

 
Адміністрацыя кавярні “ПрайдзіСвет”