October 9th, 2009

ps10

Эх, раз, яшчэ раз...

Часопіс перакладной літаратуры “ПрайдзіСвет” запрашае ўзяць удзел у чарговым конкурсе перакладнікаў.

Гэтым разам конкурсы прымеркаваныя да выхаду трэцяга нумару часопіса, тэматыку якога можна акрэсліць як калядна-містычную.

Вашай увазе прапануем 9 вершаў з дзевяці моваў: ангельскай, гішпанскай, італьянскай, нямецкай, польскай, расійскай, украінскай, французскай і шведскай. У параўнанні з мінулым нумарам мы зменшылі колькасць моваў, выключыўшы тыя, конкурсы з якіх не адбыліся. Пры жаданні яны будуць вернутыя. Таму калі ў дадзеным спісе, вы не знойдзеце вершаў на той мове, з якой перакладаеце, вы можаце звярнуцца да рэдакцыі (па пошце альбо на форуме). Мы адкрытыя для супрацоўніцтва, і з вашага жадання змесцім конкурс па гэтай мове.

Найлепшыя пераклады будуць надрукаваныя ў трэцім нумары часопіса, выхад якога запланаваны на канец снежня.

Пераклады можна альбо даслаць на адрас рэдакцыі: rada@prajdzisvet.org, альбо размясціць на нашым форуме, дзе для конкурсаў створаны адпаведны раздзел, а для кожнага верша – адпаведная тэма.

З перакладамі пераможцаў папярэдняга конкурсу можна пазнаёміцца ТУТ.

Спампаваць тэксты можна на сайце або па наўпростых спасылках:

У фармаце pdf
У фармаце word

Пераклады прымаюцца да 1 снежня.
ps10

А як там у іх?

З далёкай беларускай перспектывы часам здаецца, што “ў іншых усё добра”, вось узяць хаця б украінцаў: і ўласная літаратура квітнее, і перакладная на свой лёс не жаліцца. Аднак паглядзім, што нам на гэта скажуць самі ўкраінцы.

“Ва Украіне, як гэта ні цяжка прызнаць, сёння практычна няма школы мастацкага перакладу. Ды і статус перакладніка ва ўкраінскім грамадстве нізкі…

Хто цяпер робіцца перакладнікам? Часта гэта “самавукі”, людзі, якія маюць філалагічную адукацыю або проста ведаюць мову і перакладаюць саматугам. Гэтак, напрыклад, склаўся лёс у Ільі Странгоўскага ды ў многіх іншых маладых перакладнікаў. Але нават спецыялістам найвышэйшага ўзроўню, калі ў іх няма патрэбнай перакладніцкай літаратуры, слоўнікаў, цяжка зрабіць сапраўды завершаны пераклад. А слоўнікаў якраз не проста обмаль – нейкіх увогуле не існуе ў прыродзе, напрыклад, грунтоўнага французска-ўкраінскага і ўкраінска-французскага ці ўкраінска-грузінскага ды наадварот. Таму перакладнікі, прагнучы як мага лепш аднавіць арыгінал, часта проста вымушаны звяртацца да расійскага перакладу, што, паводле іх словаў, безумоўна, мае пэўны ўплыў на пераклад.

“Насамрэч існуе купка людзе ва Украіне, здольных перакладаць на якасным узроўні, – адзначыў ZAXID.NET Ілья Странгоўскі (strongowski). – Апроч таго, перакладамі тут займаюцца энтузіясты. Калі гаварыць пра сусветную літаратуру, перакладзеную на ўкраінскую мову, то ў нас ёсць вялікія прабелы ў перыядах сусветнай літаратуры”.

Цалкам з артыкулам можна пазнаёміцца тут.