October 23rd, 2009

ps10

Як цябе перакладаюць...

Эсэ Лорэнса Норфалка "Як цябе перакладаюць, або Валасы Дзевы Марыі" хочацца цытаваць цалкам.
Але ня буду займацца няўдзячнай справай і вырываць словы з кантэксту, а раю прачытаць цалкам у перакладзе Яна Максімюка на новым сайце lirataruta.org.

Каторы раз пераконваюся, што недарма наш часопіс завецца "ПрайдзіСвет",  бо самі аўтары ўспрымаюць перакладчыкаў не інакш як прайдзісьветаў, якія ў лепшым выпадку заплаціўшы за правы на пераклад, а ў горшым і таго не зрабіўшы, бяруць твор, у творчых пакутах народжаны, і робяць з ім ўсё, ад аўтара ўжо не залежнае. А аўтар пакутуе над лёсам метафар, сінанімічных шэрагаў, перыфраз і ідыём, якія пад рукой прайдзісвета-перакладчыка набудуць іншую, пачварную форму, а то і зусім знікнуць у невядомым кірунку.

Адзінае выйсце, якое бачыць Лорэнс Норфалк, - напісаць ну зусім неперакладальную кнігу, каб чытачы, прагнучы яе прачытаць, імкнуліся авалодаць мовай арыгіналу.


ps10

Кніжкі з карцінкамі

Кніжкі з карцінкамі ў нас трывала асацыююцца з дзіцячымі выданнямі або коміксамі. Відаць, наша логацэнтрычная натура ніяк не можа ўявіць, што карцінкі ў кнізе могуць існаваць з тэкстам на роўных, ці нават дамінаваць над ім.
Аўстралійскі мастак-ілюстратар кітайскага паходжання Шон Тан сваімі кнігамі даказвае, што гэта можа быць і можа быць таленавіта.


Шон Тан нарадзіўся з 1974 годзе ў Перце, скончыў Універсітэт Заходняй Аўстраліі, атрымаўшы дыплом з адзнакай адразу па дзьвюх спецыяльнасцях - выяўленчае мастацтва і ангельская літаратура. Кар'ера яго пачалася з работы ілюстратарам у малатыражных навукова-фантастычных і хорар-часопісах, але даволі хутка ён перайшоў да дзіцячых кніг і фэнтэзі, за ілюстрацыі да якіх пачаў атрымліваць шматлікія прэміі - у тым ліку, напрыклад, Прэмію Рады па Дзіцячай Літаратуры Аўстраліі за найлепшую ілюстраваную кнігу года (за кнігу "Трусы" - "The Rabbits") і прэмію "Дзітмар", якая прысуджаецца НФ-канвентам.

Малюнкі з кнігі "Трусы"

"Прыбыццё" ("The Arrival") - першая кніга Тана, у якой ён выступае не толькі ілюстратарам, але і апавядальнікам. У гэтай кнізе распавядаецца і малюецца пра падарожжа героя са Старога свету, у якім ўсё вельмі зразумела і пазнавальна, у Новы, дзе ўсё незнаёма і страшна. Усё новае ў Новым свеце цяжка патлумачыць словамі, герой нібы нямее, словы пачынаюць саступаць малюнкам і нават цалкам знікаюць. "Прыбыццё" - гэта нейкі візуальны эпас, адысея, якая апелюе да глабальнай гісторыі іміграцыі і ўкаранення ў чужой культуры.
Collapse )

Апошняя кніга аўтара "Казкі з далёкай Сабурбіі" ("Tales from Outer Suburbia"), перакладзеная на нямецкую мову, сёлета была ўганараваная Нямецкай прэміяй па літаратуры. Кніга ўяўляе зборнік з 15 кароткіх ілюстраваных гісторый, кожная з іх - гэта расповед пра складаны выпадак ці сітуацыю ў свеце Сабурбіі (Suburbia in Wikipedia).
Collapse )