November 26th, 2009

ps10

Вера Бурлак : Па-беларуску мне не хапае Туве Янсан

Якая кніжка ў Вас у дзяцінстве была самай любімай?

У розныя перыяды было многа розных. Мама мне часта чытала кніжку “Цёма і Жучка” з “Дзяцінства Цёмы” Гарына-Міхайлоўскага і казку П. Бажова “Срэбнае капытца”. Я іх любіла. Ведала на памяць дзіцячае выданне паэмы П. Броўкі “Над ракой Бярозай” і ўводзіла дзіцячую паліклініку ў транс, чытаючы гэтую кнігу ўголас (праўда, дагары нагамі). З дзіцячага садка запомніўся “Карлсан”. Асабліва смешным чамусьці падаўся эпізод, дзе дзядзечка Юліюс намачыў пальцы ў каве. Яшчэ вельмі тады спадабаліся “Навасёлы” Паўла Місько. Пазней, у пачатковай школе, была эра мумі-троляў Туве Янсан і “Дзяніскіных апавяданняў” Драгунскага. Кэрал быў сярод любімых недзе ў класе сёмым.

Чытаць інтэрв'ю з Верай Бурлак
ps10

Сёння дзень народзінаў Караткевіча

А Уладзімір Караткевіч (сёння ў яго свята:) перакладаў з 15 моваў як мінімум!

КАТУЛ

ДА СЯБЕ САМОГА


Катул няшчасны, до табе цярпець
Марна,

І што даўно мінула, то лічы
Мёртвым!

Калісь яны і для цябе ззялі,
Зоры.

Ты з радасцю ляцеў на страсны кліч
Любай.

(Кахаць яе не будзе так ніхто
Ў свеце.)

Уцех, пяшчот любоўных там было
Досыць,

Табе жаданых і прыемных ёй ,
Любай.

Блішчэлі ў гэты час і для цябе
Зоры.

Яе каханне знікла- не кахай,
Хопіць!

Не даганяй пайшоўшых, не жыві
Ў горы.

Будзь цвёрдым у тузе. Перамажы
Сэрца!

Бывай, красуня! Перамог Катул
Сэрца.

Тваёй не просіць ласкі і жадаць
Кінуў.

Але самотнай ты наплачашся,
Ведай!

Злачынная! Рыхтуе што табе
Доля?!

Хто возьме за руку? І хто назаве
Ружай?

Каго ты пакахеш і чыёй
Будзеш?

Каго ласкаць табе? Каму кусаць
Вусны?

А ты, Катул, трымайся! Так! Сцісні
Сэрца.

(Пераклад з лацінскай мовы Уладзіміра Караткевіча)